Кастрычнік 10, 2017

“Чаму ў нас не спыталі?” Грамадскія прасторы і партысіпацыя

Сутыкаючыся з праблемамі пэўнай грамадскай прасторы кшталту нязручнасці, цеснаты ці проста панылага дызайну, мы зазвычай усклікаем: чаму ў НАС не спыталі?! У гэтым артыкуле мы пагаворым, як можна размаўляць і паспяхова дамаўляцца пра тое, якімі мусяць быць нашы грамадскія прасторы агулам і асобна, а таксама пра тое, што ад нас патрабуецца.

Пар-ты-сі.. што?

У слоўнікавы запас еўрапеізаванага мінчаніна пакрысе ўваходзіць слова “партысіпацыя” — удзел жыхароў горада, раёна ці асобнага двара ў яго праектаванні і развіцці. У т.зв. заходніх краінах, напрыклад, сябрах OECD і не толькі, такая методыка ўжываецца рэгулярна і на розных узроўнях для дэмакратызацыі працэсу развіцця горада, а таксама для дасягнення большай устойлівасці праекта, найбольш — яго сацыяльнага і эканамічнага вымярэння. Такім чынам, давайце паспрабуем падумаць пра тое, якое месца займае партысіпацыя ў сістэме стварэння грамадскіх прастораў агулам і ў прыватнасці ў Мінску.
Двор ці паркоўка?
Мэты партысіпацыі датычна грамадскіх прастораў усіх відаў

Асноўнымі мэтамі прыцягнення гараджанаў да ўдзелу ў развіцці горада ёсць падвышэнне разумення жыхарамі арганізацыі горада і спосабаў яго росту і развіцця, большая гарманічнасць развіцця горада і яго ўстойлівасць на ўсіх узроўнях — сацыяльным, палітычным, культурным, экалагічным і эканамічным. Варта разумець, што партысіпацыя папросту неабходная ў вялікім горадзе, якім і ёсць Мінск. Такі горад не будуецца з нуля, і па сутнасці большасць праектаў у ім ёсць рэканструкцыяй, што дапаўняюць і, пажадана, паляпшаюць гарадское асяроддзе.

У такой сітуацыі недавер гараджанаў можа паставіць крыж на любым, нават найлепшым праекце, што вядзе да істотных праблемаў — застаюцца толькі забудоўшчыкі-апартуністы, якім пляваць на меркаванне жыхароў і ўласны публічны вобраз, большая частка дэвелапменту адбываецца на новых тэрыторыях (т.зв. “грынфілд”), што не аптымальна з пункту гледжання падтрымання кампактнасці горада, і наяўныя раёны недаатрымліваюць неабходнага для развіцця аб’ём інвестыцыяў.

Што да грамадскіх прастораў — асноўнымі выклікамі тут ёсць дасягненне фінансавай, сацыяльнай і культурнай устойлівасці, а таксама інклюзіўнасць і дэмакратычнасць як у планаванні, так і ў функцыянаванні гэтай прасторы. Грамадская прастора мусіць быць камфортнай для лакальнай супольнасці — двара, мікрараёна, раёна. Адной з мэтаў партысіпацыі (прычым не толькі для жыхароў, але і для НДА, бізнесу) з’яўляецца праца з месцамі, што не выклікаюць цікавасці ў бізнесу, каб звярнуць увагу на такую прастору і адшукаць мадэль яе ўстойлівага развіцця пад наглядам НДА ці горада. Наступнай мэтай, што дасягаецца праз партысіпацыю, ёсць стратэгічная абгрунтаванасць, неабходная падчас працы з вельмі абмежаванымі бюджэтамі, што характэрна для публічных грамадскіх прастораў жылых раёнаў (хоць і не выключна для іх).

Публічныя прасторы, атрыманыя ў спадчыну ад БССР, маюць характэрную праблему збыткоўнасці плошчы і высокага ўзроўню разбуранасці, асабліва гэта тычыцца спальных раёнаў. Гэта стварае рызыку ператварэння такіх прастораў у стыхійныя паркоўкі і рынкі, і менавіта з дапамогай партысіпацыі можна зразумець, на якія саступкі можа пайсці мясцовая супольнасць для падтрымання эканамічнай устойлівасці прасторы, а таксама якую зацікаўленасць у ёй маюць мясцовы бізнес і НДА. Урэшце, апошняй з праблемаў развіцця грамадскіх прастораў у Беларусі, якую часткова можна вырашыць з дапамогай партысіпацыйнага працэсу, ёсць адсутнасць пазітыўнага бачання такіх прастораў усімі зацікаўленымі бакамі. Гэтую сітуацыю можна выправіць з дапамогай тлумачэння наяўных працэсаў гарадскога развіцця, а таксама публічнага абмеркавання патэнцыйных сцэнароў развіцця і роляў у іх асобных гульцоў.

Хіба гэта магчыма ў нас?
Праблематыка партысіпацыі падчас стварэння і развіцця грамадскіх прастораў

Такім чынам, жыццё і радкі вышэй даводзяць, што партысіпацыя напраўду ёсць саспелай неабходнасцю, а яе рэалізацыя абяцае прынесці відавочную карысць усім зацікаўленым бакам, хоць і патрабуе ад іх новых высілкаў і замены ментальнасці. Асноўная праблема партысіпацыі ў постсавецкіх краінах — атамізацыя грамадства, недавер уладаў да бізнесу і НДА, патэрналісцкае мысленне (“няхай нам зробяць”), пасіўнасць і адсутнасць веры ў змены да лепшага, а таксама адсутнасць досведу прадуктыўнага супольнага дзеяння.

Партысіпацыя прадугледжвае ўдзел не толькі тыповых “канчатковых спажыўцоў прасторы” — мясцовай супольнасці ці яе асобных групаў. Жыццёва неабходным для поспеху працэсу з’яўляецца ўдзел прадстаўнікоў мясцовага і не толькі бізнесу, тэрытарыяльных ці галіновых НДА, напрыклад, суполак, якія абараняюць правы раварыстаў ці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта дазваляе каротка прадставіць тры складнікі працэсу партысіпацыі, якія мусяць працаваць на розныя групы: мясцовае насельніцтва, бізнес і НДА.

Як і выпадку з партысіпацыяй любога роду і маштабу, на першы план выступаюць ключавыя праблемы асіметрыі ўладнага патэнцыялу, дзе асноўнымі праблемамі ёсць супярэчнасці паміж мэтамі розных груп і іх рэсурснымі магчымасцямі. Другой тыповай праблемай, добра бачнай у сённяшняй сітуацыі з нявырашаным пытаннем валодання зямельнымі ўчасткамі пад шматкватэрнымі будынкамі, з’яўляецца вызначэнне таго, хто бярэ ўдзел ў абмеркаванні і якую вагу мае голас асобнага чалавека ці групы. Працягам гэтай праблемы ідзе пытанне, што рабіць з тымі, хто не ідзе на кампраміс. Маючы на ўвазе песімізм і працяглую гісторыю падманаў ды расчараванняў, перажытую мясцовымі жыхарамі, адным з ключавых момантаў ёсць неабходнасць змены вобразу гарадской адміністрацыі і бізнесу. Што і гаварыць, дыялог немагчымы без змены парадку дзеянняў з боку акурат адміністрацыі ды бізнесу.

Што тычыцца ўласна грамадскіх прастораў, адной з галоўных праблем з’яўляецца вызначэнне пазітыўных сцэнароў развіцця для прастораў, якія прынамсі на першы погляд амаль нікому не патрэбныя і не цікавыя. Гаворка пра тое, што наўрад ці магчымы карэнны пералом у характары развіцця грамадскіх прастораў, пакуль зацікаўленыя бакі ставяцца да перспектываў іх развіцця з цынізмам ды песімізмам. А вось менавіта зразумелы і візуальна новы вобраз грамадскай прасторы здольны здзейсніць такія змены, калі ён будзе створаны сумесна — праз дыскусію і справядлівае прадстаўленне цікаўнасцяў і каштоўнасцяў усіх зацікаўленых бакоў.

Наступным пунктам з’яўляецца неабходнасць вызначэння таго, наколькі этычным, а таксама наколькі сацыяльна і культурна ўстойлівым ёсць такое “навязванне” жыхарам новых і, магчыма, чужых ім “еўрапейскіх” мадэляў грамадскай прасторы і паводзінаў у ёй — зрабіць вулічныя кавярні, “схаваць” машыны, даць месца для скейтараў ці ролераў? Пытанне не пазбаўленае практычнага сэнсу, бо дэманструе ўстойлівасць прасторы на ўсіх узроўнях і без належнага даследавання патрэбаў гараджанаў на яго нельга даць упэўнены адказ. Да жалю, трансплантацыя нават самых прывабных мадэляў на непадрыхтаваную глебу не здатная прынесці анічога, апроч расчаравання і росту апатыі ў грамадстве.

Падагульненне

Можна падсумаваць, што партысіпацыя падчас стварэння і развіцця грамадскіх прастораў у Мінску патрэбная і па сутнасці неабходная, але важным пытаннем ёсць спосаб яе рэалізацыі. Важна праводзіць яе ўважліва і не фармальна, яна мусіць базавацца на ўзаемапавазе і празрыстасці мэтаў кожнага з зацікаўленых бакоў, хай гэта раённая адміністрацыя, бізнес, НДА ці мясцовыя жыхары. Толькі такі парадак яе правядзення могуць змяніць сітуацыю і спыніць адвечныя недавер і песімізм, што суправаджаюць развіццё горада ў апошнія гады. Грамадскія прасторы Мінска сапраўды маюць патэнцыял зрабіцца лепшымі, калі мінчане супольна возьмуцца за іх развіццё.

Зміцер Бібікаў
Тэкст быў надрукаваны на сайце budzma.by як вынік супрацы кампаніі “Будзьма” і альманаха “Гарадзкія тактыкі”

Мапа прастораў Менска

Перайсьці да мапы прастораў Менска