жнівень 14, 2017

Горад вокнамi ў будучыню

Некалькі гадоў таму, калі тэма гарадскіх даследаванняў толькі набірала
папулярнасць і ў Беларусі з’яўляліся першыя прыхільнікі ўрбаністычнага
светапогляду, патрэбы разбірацца ў тонкасцях ідэалагічных адрозненняў
гарадскіх канцэпцый яшчэ не было.

Але ж сёння, калі ўрбаністыка развіваецца даволі хутка і ўжо  прэтэндуе на тое, каб сапраўды ўплываць на рэчаіснасць, менавіта  ідэалагічны, каштоўнасны падыход павінны выйсці на першы план.  Бо тое, як мы бачым горад і яго развіццё, сваё месца ў ім, наўпрост  звязана з нашым бачаннем свету, грамадства, дзяржавы і чалавека ў іх узаемных адносінах. Аналіз гэтых адносінаў павінны ляжаць у  аснове любога прапанаванага канцэпту і, тым больш, канкрэтнага рашэння. Менавіта з гэтага пункту погляду мы паспрабуем разгледзець адзін з перспектыўных на сёння кірункаў для гарадскіх даследаванняў – канцэпцыю “зялёнага горада” .

“Зялёны” – гэта не колер

Найбольш частай памылкай у тлумачэнні ідэі “зялёнага горада” з’яўляецца атаясамліванне гэтага паняцця з колькасцю і памерамі зялёных зон у горадзе.  Ну, у лепшым выпадку, з чысцінёй. Дарэчы, тая ж хіба характэрная не толькі для ўрбаністаў, але і для некаторых аматараў паліталогіі і журналістаў, што  адводзяць “зялёным” грамадскім рухам выключна ролю пасадкі дрэваў і прыбірання смецця. Між тым зялёныя зоны – толькі адзін з кампанентаў   канцэпцыі “зялёнага горада”, безумоўна, важны, але далёка не самы галоўны. Канцэпцыя ж мае комплексны характар. Гарадская забудова і шчыльнасць  населенасці, сістэмы энергазабеспячэння і транспартныя патокі, якасць паветра і вады, даступнасць сацыяльных паслуг, рэклама і права на публічную  прастору. Няма бадай што ніводнай сферы гарадскога жыцця, якую б яна наўпрост ці ўскосна не закранала б. Падыходы да кожнай з гэтых сфер могуць  быць розныя, але яны заўжды суадносяцца з ідэалогіяй руху “зялёных”, галоўныя прынцыпы якой сфармуляваны ў Глабальнай хартыі Зялёных.

Галоўныя
“зялёныя” прынцыпы
Экалагічная мудрасць / Сацыяльная
справядлівасць / Дэмакратыя ўдзелу /
Негвалтоўнасць / Развіццё без знясілення і
павага да разнастайнасці

 

Думаць глабальна

Канцэпцыя “зялёнага горада” разглядае горад не як рэч у сабе, а ставіць яго ў глабальны кантэкст. Тупік, у які зайшла наша цывілізацыя праз праз мернае спажыванне неаднаўляльных рэсурсаў і забруджванне навакольнага асяроддзя, наўпрост звязаны з гарадамі і гарадскім ладам жыцця. Урбанізацыя, што працягваецца ва ўсім свеце хуткімі тэмпамі, ставарае пагрозу і для саміх жыхароў гарадоў ужо сёння і для выжывання чалавецтва ў глабальнай перспектыве. Гарады – адны з галоўных крыніц забруджвання паветра і вады, выкідаў вуглякіслага газу, адны з самых значных фактараў глабальнага пацяплення. Калі менавіта гарады сталі галоўнымі пунктамі цывілізацыйнага крызісу, іх жа можна разглядаць як пункты для зменаў.
Канцэпцыя “зялёнага горада” прадугледжвае, што ягоныя жыхары бяруць на сябе пэўныя абавязкі не толькі ў дачыненні да прыроды, што аточвае іх
у гэтай мясцовасці, але і да ўсёй планеты. Гэта тычыцца ў першую чаргу зніжэння ўзроўню выкідаў вуглякіслага газу. Каб дамагчыся пастаўленых мэтаў, неабходна адпаведным чынам змяняць транспартную сістэму, прамысловасць, энергетыку – амаль усе кампаненты гарадской інфраструктуры. А яшчэ – зніжаць узровень спажывання, то бок сам лад жыцця жыхароў.

Горад для заўтра

Шыкоўна, калі ў горадзе ёсць некалькі старых гістарычных кварталаў і ён можа існаваць за кошт турыстычнай прывабнасці свайго мінулага. Таксама добра, калі гарадскі бюджэт сёння заліты да краёў інвестыцыямі і сродкамі ад прыватызацыі. Але якая будучыня ў такіх гарадах? Дакладней, каму належыць будучыня ў такіх гарадах? Звычайна, калі гаворка заходзіць пра трансфармацыю гарадской прасторы, мы імкнёмся каб паляпшэнні былі зробленыя менавіта тут і зараз і адчуваліся адразу. Нам трэба дадатковыя  паркоўкі для прыватных аўто, веладарожкі паўсюль, Wi-Fi ў грамадскім транспарце, якасная пітная вада і шмат чаго іншага. Канцэпцыя “зялёнага горада” таксама прадугледжвае максімальнае забяспячэнне патрэбаў жыхароў і стварэнне найбольш спрыяльных для жыцця ўмоваў. Але яна патрабуе  заўжды аналізаваць, якім чынам задавальненне патрэбаў цяперашняга дня паўплывае на будучыню. Горад належыць тым, хто будзе жыць пасля нас, у той жа ступені, як і нам самім, і іхнія правы не павінны прыносіцца ў ахвяру нашым празмерным жаданням. “Зялёныя гарады” пачынаюцца са стварэння
доўгатэрміновай стратэгіі, якая накіравана на пошук балансу паміж інтарэсамі сучасных гараджанаў, наступных пакаленняў і прыроды.

Больш чым  “устойлівы”

Часцяком канцэпцыю “зялёнага горада” блытаюць з канцэпцыяй устойлівага развіцця гарадоў. Гэтыя паняцці, вядома, блізкія, але далёка не
сінанімічныя. Стандарт устойлівага развіцця вызначаецца як развіццё сёння такім чынам, каб не пагоршыць якасць жыцця і не сапсаваць магчымасці для
наступных генерацый. Гэта добрае, але абмежаванае бачанне.Калі нам даспадобы наш сённяшні ірацыянальны ўзровень спажывання, то для нас сэнс устойлівага развіцця будзе ў яго захаванні. То бок мы захоўваем эканамічную мадэль, што існуе, але намагаемся знізіць яе негатыўны ўплыў на прыро
ду і грамадства. “Зялёны горад” прадугледжвае пераход да новых формаў сацыяльна-эканамічных адносінаў, пабудаваных на адказнасці перад будучымі генерацыямі і іншымі відамі жывых істот, якія падзяляюць разам з намі жыццёвую прастору. Пераход ад звышспажывання і няспыннага эканамічнага  росту да “нулявога росту” – адна з галоўных, хоць і аддаленых мэтаў “зялёных гарадоў”.

“Зялёны” – значыць, жывы

Яшчэ адна адметная рыса  канцэпцыі “зялёнага горада” – тое, што горад разглядаецца як жывая сістэма, якая ніколі не можа быць статычнай. Па аналогіі з іншымі экасістэмамі  горад увесь час змяняецца. Адрозненне толькі ў тым, што прырода самастойна можа рэгуляваць пэўныя эвалюцыйныя змены, а горад, як штучнае  ўтварэнне, можа мяняцца выключна ў адпаведнасці з дзейнасцю чалавека. Ад чаго залежыць поспех эвалюцыі горада? У першую чаргу – ад павышэння індывідуальнай і сацыяльнай дасведчанасці, узроўню ўдзелу грамадзянаў у сацыяльным жыцці грамадства. Вельмі важным таксама з’яўляецца  атрыманне своечасовай зваротнай сувязі пра сістэмныя змены, якія ўплываюць на дзейнасць чалавека і рэагаванне на іх. А для гэтага неабходна  павелічэнне нашага разумення нелінейных і нелагічных аспектаў існавання і развіцця складаных сістэмаў. То бок, як ні круці, развіццё горада наўпрост звязана з развіццём свядомасці грамадства ў цэлым і кожнага чалавека паасобку

Мапа прастораў Менска

Перайсьці да мапы прастораў Менска