сакавік 14, 2018

Грамадскія прасторы Менску

Каб вызначыць, наколькі Менск харош у плане грамадскіх і публічных прастораў, ініцыятыва “Добры горад” вырашыла правесці грунтоўнае даследванне. Як адбываўся ўвесь працэс і што з гэтага ў выніку атрымалася – трэба чытаць далей.

Што такое грамадскія прасторы?

У Беларусі дыскурс пра грамадскія прасторы апошнім часам толькі набірае абароты, і гэта не дзіўна: з працэсам узбуйнення і ўскладнення гарадоў з’яўляецца ўсё большая патрэба жыхароў для адпачынку і самарэалізацыі ў масштабе ўсяго грамадства, а не толькі прыватнага. Аднак разумеючы ўсю складанасць пытання і пачатковы ўзровень яго абмеркавання, варта спярша вызначыцца з канкрэтнымі тэрмінамі, якія тлумачаць “што такое грамадскія прасторы”. Парадаксальна, але гэтая з’ява настолькі новая для нашай краіны, што не мае на цяперашні момант нават адлюстравання ў заканадаўчых дакументах. Канешне, у кодэксах ёсць асобныя артыкулы, якія рэгулююць, напрыклад, распіванне алкагольных напояў і піва ў грамадскіх месцах, але азначэнне тых самых грамадскіх прастораў з урбаністычным зместам у нас пакуль адсутнічае.

Дык што можна ўзяць за базіс грамадскіх прастораў? Калі спрасціць фармулёўку да візуальнага апісання, то грамадская прастора – гэта тая гарадская тэрыторыя, якой могуць карыстацца ўсе жыхары горада. Да іх можна адносіць вуліцы, бульвары, плошчы, узбярэжжы, паркі і скверы, то бок прасторы, якія знаходзяцца пад адкрытым небам. Пры гэтым могуць быць таксама і закрытыя грамадскія прасторы: бібліятэкі, вестыбюлі метро, ​​гандлёвыя галерэі і г.д., якія фізічна знаходзяцца ў будынках і збудаваннях, то бок “пад дахам”. Далей, каб у поўнай меры апісаць такую складаную з’яву як грамадская прастора, будзем пашыраць фармулёўку.

З другога боку для такога роду прастораў важны шматфункцыянальнасць і сацыяльны аспект, таму пад словазлучэннем “грамадскія прасторы” мы павінны разумець і тыя прасторы, дзе адбываюцца шматлікія і часта незапланаваныя ўзаемадзеяння паміж людзьмі, дзе могуць адбывацца сустрэчы з выпадковым “іншым” і незнаёмым.

У выніку можна меркаваць, што грамадскія прасторы маюць тры ўзроўні выкарыстоўвання гарадскога асяроддзя:

  1. месца збору людзей (патэнцыйныя грамадскія прасторы);
  2. грамадскія прасторы (шматфунцыянальныя месцы збору людзей);
  3. публічныя прасторы.

У супрацьвагу гарадскім грамадскім прасторам часта могуць выстаўляцца прыватныя прасторы кватэр, дамоў і офісаў. Асноўнае адрозненне ад грамадскіх з’яўляецца ў тым, што ўладальнікі самі вызначаюць, хто можа прыйсці да іх у госці ці на дзелавую сустрэчу. Пры гэтым існуюць яшчэ і паўграмадскія прасторы – напрыклад, двары (хоць, як правіла, доступ да іх адкрыты для ўсіх, але яны ў першую чаргу прызначаны для жыхароў суседніх дамоў) або тэрыторыі, прылеглыя, напрыклад, да дзіцячых садкоў, школаў і шпіталёў (доступ туды дазволены толькі для дзяцей і іх бацькоў або для наведвальнікаў хворых).

Публічныя прасторы

Публічныя прасторы ўспрымаюцца як вышэйшая форма грамадскай прасторы, якая спрыяе доўгаму знаходжанню, знаёмству з новымі людзьмі і самарэалізацыяй індывіда. Таму для карыстальнікаў такога роду прастораў яны цікавы менавіта з пункту гледжання магчымасцей для самавыяўлення і самарэалізацыі.

Выявіць публічныя прасторы тэхнічна складаней, бо да кожнага грамадскага месца трэба падыходзіць асобна і праводзіць палявыя сацыялагічныя даследаванні. Адбываюцца яны звычайна ў канкрэтна абраных месцах, якія ўяўляюць цікавасць альбо прыцягваюць сваёй патэнцыяльнай адпаведнасцю публічнай функцыі. Размяшчэнне ж грамадскіх прастораў у горадзе выявіць прасцей: для гэтага патрабуецца проста нанесці на карту найбольш інтэнсіўна наведвальныя месцы.

Дык як вылучыць публічную прастору з грамадскай? Для гэтага можна карыстацца наступнымі крытэрамі, дзе большая колькасць супадзеннеў азначае адпаведна большую публічнасць:

  1. грамадскае кіраванне;
  2. вольная дасяжнасць для ўсіх людзей;
  3. магчымасць для ўзаемадзеяння/зносін з іншым і “незнаёмым” (што немагчыма зрабіць у прыватным і прафесійным жыцці);
  4. прадастаўляюць магчымасць для грамадзянскай самарэалізацыі і выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі;
  5. функцыя ўзбагачэння новым досведам і магчымасць знаёмства з нязвыклым (насычанасць падзеямі і мерапрыемствамі);
  6. шматфункцыянальнасць прасторы: адкрытасць для розных функцый, відаў дзейнасці (прасторы-трансформеры);
  7. магчымасць для нізавых інтэрвенцый паміж рознымі людзьмі.

Ідэалагічны складнік грамадскіх прастораў

У выпадку з усімі грамадскімі (у тым ліку і публічнымі) прасторамі мы кажам у першую чаргу пра тое, што яны павінны быць дасяжнымі для любога жыхара: студэнта ці прафесара, чалавека з абмежаванымі магчымасцямі ці ўладальніка сабакі, п’яніцы ці хулігана, чалавека без вызначанага месца жыхарства ці вечна незадаволенай бабулі. Не павінна быць ніякіх штучных альбо натуральных абмежаванняў для гараджан, бо грамадская прастора прадназначана для ўсіх зацікаўленых. Але такое абавязковае патрабаванне прыводзіць да двух асноўных праблемаў:

  1. немагчыма задаволіць усе групы гарадскіх жыхароў, бо ідэальнай грамадскай прасторы пакуль што не існуе. Таму вельмі важна, каб у працэсе стварэння і развіцця такіх прастораў была магчымасць удзельнічаць усім стэйкхолдэрам, якія праяўляюць свой інтарэс у рэалізацыі такіх пляцовак супольнымі намаганнямі;
  2. большая колькасць людзей – большыя затраты і больш складаная лагістыка функцыянавання. Такім чынам паўстае пытанне: а хто мусіць адказваць за грамадскія прасторы і адкуль браць грошы? Самы просты адказ на гэта – сістэма ка-мэнэджмэнту паміж супольнасцю людзей (магчыма ў выглядзе грамадскай арганізацыі) і гарадскіх уладаў.

На першы погляд можа падавацца, што такім чынам грамадская прастора – праява камуністычнай ідэалогіі з ейным падыходам да сацыяльнай роўнасці і агульнай маёмасці. Але гэта не так, бо ў першую чаргу грамадская прастора – гэта права кожнага гарадскога жыхара на адпачынак і самарэалізацыю ў гарадскіх умовах, а ўжо пасля маёмасныя прадметы, якімі могуць усе карыстацца. Грамадская прастора – гэта таксама і пра асабістае, калі ў такой форме ўзаемадзеяння з горадам кожны жыхар удзельнічае ў стварэнні такога месца, якое сапраўды патрэбна яму, ягонай сям’і і мясцовай супольнасці, і пры гэтым нясе адказнасць за яго. Таму Менск будучыні – гэта зручная прастора для ўсіх, калі нягледзячы на нікчэмна мізэрную колькасць сонечных дзён хочацца выйсці з дома, каб прагуляцца па гораду, пасузіраць архітэктуру, з’есці дранік у мабільнай кавярні і шмат чаго іншага, чаго не зробіш у сваёй кватэры.

Грамадскія і публічныя прасторы ў Менску

Для таго, каб у поўнай меры прааналізаваць дадзеныя аб дзейнасці, поспеху і зменах грамадскіх прастораў і іх уплыў на грамадзян, якія карыстаюцца гэтымі прасторамі, камандай урбаністаў, сацыёлагаў, архітэктараў і грамадскіх актывістаў была створана карта грамадскіх месцаў Менску. Паколькі гаворка ідзе пра шматфункцыянальныя месцы канцэнтрацыі, то гэтая ​​карта складаецца з асобных слаёў, кожны з якіх адлюстроўвае размеркаванне карыстання гарадской прасторы ў адпаведнасці з той ці іншай мэтай або з тым ці іншым уяўленнем. Напрыклад, існуюць пласты грамадскай прасторы афіцыйных СМІ (якія гарадскія прасторы згадваюцца ў друкаванай прэсе, тэлебачанні і радыё для афіцыйных мерапрыемстваў), культуры (месца размяшчэння тэатраў, музеяў, кінатэатраў) і грамадскага транспарту (станцыі і прыпынкі, дзе людзі збіраюцца ў чаканні цягніка, трамвая, аўтобуса і тралейбуса). Асобны важны пласт – карта грамадскай прасторы па Генеральнаму плану Менска 2016 г., які адлюстроўвае афіцыйнае прадстаўленне аб размеркаванні і інтэнсіўнасці выкарыстоўвання грамадскіх тэрыторый у горадзе.

Карта грамадскіх прастораў Менску грунтуецца на гіпотызе, што грамадская прастора горада – гэта месца, якое актыўна выкарыстоўваецца яго жыхарамі і прыезджымі ў самых разнастайных мэтах. Чым больш функцый рэалізуецца ў прасторы, тым яна, як правіла, лепш.

На дадзены момант на карту нанесена 11 слаёў. Для атрымання дадзеных выкарыстоўваліся розныя падыходы і крыніцы. Павелічэнне колькасці слаёў, фактычныя і метадалагічныя адрозненні паміж імі павінны кампенсаваць недасканаласць шэрагу дадзеных. Таму карта грамадскіх прастораў будзе папаўняцца ў будучыні новымі пластамі.

Галоўныя высновы, зробленыя падчас працы над картай грамадскіх прастораў Менску:

  1. канфігурацыя размяшчэння грамадскіх месцаў кажа пра безумоўную наяўнасць у Менску гарадскога цэнтра, дзе грамадская прастора актыўна выкарыстоўваецца ў розных мэтах. Цэнтр не мае дакладных межаў – яны вар’іруюцца ў залежнасці ад функцыі. У склад ядра ўваходзяць Прывакзальная плошча, плошча Незалежнасці, “стары цэнтр” (паміж вул. Кірава і Нямігай, Гарадскім Валам і вул. Янкі Купалы) з найбольшай канцэнтрацыяй у Верхнім горадзе, Траецкім прадмесці, а таксама тэрыторыя вакол Палаца спорту.
  2. да цэнтра таксама варта аднесці некалькі асобных субцэнтраў, якія знаходзяцца на невялікай адлегласці ад цэнтральнага ядра, але ў маштабе горада ўтвараюць з ім адно цэлае. Гэта раён станцыі метро “Інстытут культуры”, вуліца Кастрычніцкая і раён Старажоўкі ўздоўж праспекта Машэрава.
  3. асаблівую ролю ў размеркаванні грамадскай прасторы Менску грае частка горада, якую можна назваць “другім цэнтрам”. Гэта тэрыторыя, якая нанізана на праспект Незалежнасці на адрэзку паміж плошчай Перамогі і гарадком БНТУ з прымыкаючым да яе раёнам Камароўскага рынку. Прычына яго стварэння – наяўнасць шырокага зялёнага паса ўздоўж ракі Свіслач, які аддзяляе “другі цэнтр” ад цэнтральнага ядра.
  4. па наяўнасці шматфункцыянальнай грамадскай прасторы перыферыя горада моцна саступае цэнтру. Актыўнасць канцэнтруецца, як правіла, уздоўж некалькіх буйных радыяльных напрамкаў.
  5. плошчы – галоўныя элементы, якія фармуюць грамадскую прастору горада – прадстаўляюць найбольшую цікавасць. Іх актыўнасць моцна вар’іруецца і ў значнай ступені залежыць ад функцыянальнага напаўнення. У той жа час, карта паказвае на наяўнасць у горадзе грамадскіх прастор, якія маюць прасторавыя характарыстыкі плошчы, але імі намінальна не з’яўляюцца.

Зрабіць Менск суцэльнай грамадскай прасторай

Нават калі ўявіць сабе, што гарадскія жыхары і ўлады з лёгкасцю будуць ісці насустрач новым ініцыятывам, а грошай у нашай дзяржавы як у ААЭ, то ўсё адно складана прадставіць верагоднасць поўнай рэканструкцыі і мадэрнізацыі горада (прынамсі ў кароткатэрміновай перспектыве) згодна з тымі выклікамі, якія сёння стаяць перад гарадскімі жыхарамі. Але выявіць асноўныя накірункі таго, як выправіць сітуацыю з прыстрэлкай на стратэгічнае развіццё горада – ніхто не забараняе. Будзем спадзявацца, што такія думкі падштурхнуць астатніх адмыслоўцаў да дыскусіі і абмеркавання.

У першую чаргу Менску патрэбна дэцэнтралізацыя грамадскіх прастораў і стварэнне моцных грамадскіх кластэраў на ўскрайках гораду, якія павінны быць звязаныя пешаходнымі артэрыямі і магістралямі паміж сабой. Як бачна з высноў, зробленых падчас працы над картай грамадскіх прастораў Менску, зараз існуе яўны перагіб у бок цэнтра (і гэта не дзіўна), што стварае дадатковыя нязручнасці для жыхароў спальных раёнаў, бо яны не маюць тых магчымасцей, што маюць жыхары цэнтра. Ад гэтага можа ўзрастаць у тым ліку і сацыяльная няроўнасць, калі ў людзей са “спальнікаў” менш варыянтаў для самарэалізацыі і самавыяўлення і адзінай альтэрнатывай застаецца ўжыванне алкаголю.

Падобную прапанову аб горадабудаўнічай канцэпцыі, калі маюцца гарадскія субцэнтры, прапаноўваў яшчэ ангельскі сацыёлаг-утапіст Эбенізер Говард, калі апісваў сваю ідэю горада-сада ў кнізе “Гарады-сады будучыні”, напісанай ангельскай (кніга была ўпершыню апублікаваная ў 1898 годзе).

Говард лічыў, што сучасны (на момант напісання кнігі) горад зжыў сябе. Крытыцы падвяргаўся хаатычны, нічым не абмежаваны, рост прамысловасці горада, яго антысанітарыя і, у больш агульным сэнсе, антыгуманныя падыходы. У якасці альтэрнатывы ім былі прапанаваны невялікія гарады, якія спалучаюць лепшыя ўласцівасці горада і вёскі. Сам ідэальны горад Говарда ўяўляў сабой структуру з канцэнтрычных круглых зон. У самым цэнтры такога горада знаходзіцца парк, яго акружае жылая зона, якая складаецца з малапавярховай забудовы з прысядзібнымі ўчасткамі. Радыус зоны з жылой забудовай павінен быў складаць прыкладна адзін кіламетр. Адначасова з гэтым на перыферыю выносілася прамысловасць і сельскагаспадарчыя тэрыторыі.

Нягледзячы на тое, што гэта ўтопія і за сто год так і не атрымалася яе рэалізаваць у буйным маштабе, ідэя разбіўкі тэрыторыі гораду на асобныя кластэры жыва. Асабліва ўлічваючы наяўнасць нашай радыяльна-кальцавой сістэмы забудовы горада.

Па-другое, дзяржаве і мясцовым уладам патрэбна выбудоўваць дычыненні з актыўнымі мясцовымі жыхарамі і ініцыятывамі, бо ніхто акром іх (мясцовых жыхароў) не ведае лепш, што патрабуецца для тых мікрараёнаў, дзе яны жывуць. А для гэтага дастаткова двух рэчаў: 1) надаць заканадаўча больш правоў для самакіравання мясцовым супольнасцям; 2) стымуляваць іхную актыўнасць для рэалізацыі інфраструктурных зменаў праз сістэму вылучэння сродкаў на конкурснай аснове з гарадскога бюджэта.

Па-трэцяе, тыя прасторы, якія мы зараз бачым у горадзе, будаваліся пераважна папярэднімі пакаленнямі ў разліку на тое, што яны будуць запатрабаванымі сучасным пакаленнем. Але так здараецца зрэдку, таму нашая задача напаўняць гэтыя прасторы новым сэнсам, які будзе адпавядаць нашаму часу. Нам трэба аптымізаваць горад і прыстасаваць ужо існуючыя збудаванні пад грамадскія прасторы праз змену іхнага функцыянала. Напрыклад, як гэта было зроблена ў Нью-Ёрку з “паркам Хай-Лайн”. Гэтая прастора размясцілася на старых рэйках надземнай чыгункі нью-ёркскага парку “Хай-Лайн”, мабыць, адзнаго з найбольш часта згадваных прыкладаў перафарматавання грамадскай прасторы. Парк знаходзіцца ва ўласнасці горада Нью-Ёрка, але за яго кіраванне, падтрымку і развіццё адказвае арганізацыя Friends of the High Line, якая працуе ў партнёрстве з Нью-Ёркскім дэпартаментам паркаў і зон адпачынку. Friends of the Park Line збірае 98% гадавога бюджэту парку. У цэнтры ўвагі арганізацыі – наведвальнікі парку, і “сябры”, якія сканцэнтраваны на развіцці парку перш за ўсё як грамадскай прасторы для жыхароў бліжэйшых раёнаў.

У кожным выпадку, падчас праектавання грамадскіх прастораў мы павінны сыходзіць з жадання рэалізаваць якасная асяроддзе. А якаснае асяродддзе шмат у чым залежыць ад ягонага аналізу і праграмавання, сыходзячы з праблем і патрэбаў мясцовых супольнасцей.

У фінальнай частцы варта дадаць, што не трэба быць правідцам, каб лічыць, што, прыняўшы такія шляхі для вырашэння праблем з грамадскімі прасторамі ў Менску, сітуацыя зменіцца ўжо на наступны дзень. Пройдзе яшчэ пяць-дзесяць год, калі грамадства пачне адэкватна ўспрымаць такія новаўвядзенні. Але ўжо зараз іх трэба імплементавацца, каб культурны патэрн іх паводзінаў паступова ўводзіўся ў звычку. І не трэба з гэтай прычыны засмучацца, бо ўсе праз гэта праходзілі і ўсё прыходзіць з часам.

Мапа прастораў Менска

Перайсьці да мапы прастораў Менска