Наберажныя Менску

З мэтай трансфармацыі грамадскіх прастораў Менска з улікам інтарэсаў і магчымасцяў маламабільных груп насельніцтва быў рэалізаваны праект па гарадскіх наберажных, каб паспрабаваць акумуляваць інфармацыю пра падобныя прасторы і звярнуць увагу на іх праблемы і перспектывы развіцця.
Час: жнівень 2019 — люты 2020.
Лакацыя: Менск (Беларусь).
Прадмет: гарадскія наберажныя.


Наберажныя, як і ўсе грамадскія прасторы, граюць вялікую сацыяльную ролю ў жыцці горада і гараджан. Такія прасторы ў першую чаргу фармуюць гарадское асяроддзе, яго прывабнасць для людзей і бізнесу. Аднак для стварэння роўных умоў і выключэння дыскрымінацыі гэтыя прасторы павінны праектавацца, будавацца або рэканструявацца такім чынам, каб іх даступнасць была аднолькавай для ўсіх гараджан, у тым ліку і для маламабільных груп людзей, якія па сваіх фізічных і псіхалагічных асаблівасцях часцей за іншых сутыкаюцца з праблемай даступнасці такіх прастор.

ДАСЛЕДВАННЕ “НАБЕРАЖНЫЯ ГОРАДА МЕНСКА”


Каб развіць бачанне таго, як павінны выглядаць сучасныя беларускія наберажныя, урбаністычная ініцыятыва “Добры горад/Good city” арганізавала 21-26 лістапада 2019 года адукацыйны воркшоп “Зробім менскую наберажную лепш!”, мэтай якога была распрацоўка архітэктурных візіянерскіх праектаў наберажнай з асобным фокусам на інклюзіўнасці для маламабільных груп насельніцтва. Перад распрацоўкай канцэпцый удзельнікі воркшопа мелі магчымасць карыстацца вынікамі даследавання, якое было праведзена акурат перад воркшопам. Падчас працы ў камандах удзельнікі воркшопа праводзілі таксама палявыя даследаванні, якія ўдакладнялі дадзеныя пра наберажныя і іх праблемы на этапе распрацоўкі канцэпцый.

ВОРКШОП “ЗРОБІМ МЕНСКУЮ НАБЕРАЖНУЮ ЛЕПШ!”


Удзельнікамі воркшопа сталі маладыя архітэктары, студэнты, урбаністы і актывісты, якія цікавяцца праблемамі горада. Падчас працы ўдзельнікі былі падзеленыя на каманду “Парк Горкага” і “Серабранка”, якія пад кіраўніцтвам цьютараў заняліся спачатку распрацоўкай канцэпцый развіцця асобных участкаў менскай наберажнай, а пасля — стварэннем візіянерскіх архітэктурных праектаў.

ВІЗІЯНЕРСКІЯ ПРАЕКТЫ ВОРКШОПА


Вынікі працы ўсяго праекта па менскіх наберажных былі ўкладзены ў чарговы нумар альманаха “Гарадскія тактыкі”. “Гарадскія тактыкі” — гэта навукова-папулярны зборнік, прысвечаны гарадскім даследаванням у Менску. Часопіс пачынае сваю гісторыю з сакавіка 2014 года. Асноўная мэта — прадастаўленне шырокай аўдыторыі сучасных ведаў пра горад, разуменне яго месца ў глабальным кантэксце з улікам мясцовых асаблівасцяў і тэндэнцый. “Гарадскія тактыкі” — свабодная пляцоўка, на якой могуць публікаваць свае даследаванні маладыя прафесіяналы з архітэктуры, сацыялогіі, культуралогіі і іншых сфер, таму што толькі міждысцыплінарны падыход дапаможа зразумець горад.

АЛЬМАНАХ “ГАРАДСКІЯ ТАКТЫКІ”


Па выніках даследвання і воркшопа былі распрацаваныя рэкамендацыі, якія таксама ўкладзены ў альманах. Гэтыя рэкамендацыі стануць часткай будучай дзейнасці ініцыятывы “Добры горад”, якая будзе адбывацца ў працэсе іх адвакатавання ў нарматыўна-прававую дакументацыю па добраўпарадкаванню, якой карыстаюцца беларускія горадабудаўнікі.

РЭКАМЕНДАЦЫІ ПА ПРАЕКТАВАННЮ НАБЕРАЖНЫХ

  1. даследванне; перад пачаткам любога праектавання грамадскай прасторы трэба праводзіць даследванне: інтэрвью з карыстальнікамі, апытанкі, палявые даследванні і нават грамадскія абмеркаванні, вынікі якіх павінны быць абавязкова ўключаны ў фінальны праект;
  2. сувязь; важна захаваць альбо развіць узаемасувязь паміж рознымі тыпамі гарадскіх прастораў: наберажнай з прылеглымі вуліцамі, наберажнай з прылеглым паркам і г.д.;
  3. уцягнутасць; у працэс выпрацоўкі праектных рашэнняў трэба абавязкова ўцягваць і ўлічваць меркаванне усіх зацікаўленных бакоў у выглядзе мясцовых жыхароў, гарадской адміністрацыі і экспертных арганізацый;
  4. унікальнасць; у праекце наберажнай варта выкарыстоўваць гарадскія сімвалы і ўнікальную гарадскую ідэнтычнасць, якія ствараюць сувязь з гісторыяй горада і канкрэтнага месца;
  5. эстэтычнасць; галоўная каштоўнасць наберажных — вада, таму пры іх праектаванні трэба прадугледзіць максімальную адкрытасць і дасяжнасць да вады, каб карыстальнікі ў поўнай меры маглі атрымаць ад яе эстэтычную асалоду;
  6. бяспечнасць; наберажная павінна быць бяспечнай у любы час, нават ноччу, таму важна надаць асобную ўвагу асвятленню, напрыклад, цёмных месцаў пад мастом, каб ужо здалёк было добра бачна, што там адбываецца;
  7. інклюзія; малыя архітэктурныя формы і дарожнае пакрыццё павінны быць зручнымі для розных катэгорый гараджан: напрыклад, сталым людзям лягчэй уставаць з лаваў, вышыня якіх крыху больш, чым звычайна;
  8. мабільнасць; важным крытэрам удаласці грамадскіх прастораў з’яўляецца магчымасць дабрацца да іх пешшу, роварам альбо любым грамадскім транспартам;
  9. інфармацыйная навігацыя; звычайна наберажныя займаюць дастаткова вялікую прастору, у якой прасцей арыентавацца пры дапамозе зручнай і заўважнай інфармацыйнай навігацыі;
  10. безбар’ернасць; абсалютная большасць карыстальнікаў наберажных — гэта пешаходы, таму асобная ўвага павінна надавацца якасці пакрыцця і безбар’ернаму асяроддзю, каб нават у дождж не прыходзілася пераскокваць лужыны;
  11. размежаванне плыняў; самакаты і ровары часцей за ўсё рухаюцца хутчэй за пешаходаў, таму для дадатковай бяспекі трэба аддзяляць іх плынь ад пешаходнай;
  12. інтэрактыўнасць; наберажная — кропка прыцягнення гараджан, таму на ёй варта прадугледзіць месца для камунікацыі ці ўзаемадзеяння: месца для выступу музыкаў, прагляду кіно ці гульні ў настолкі;
  13. шматсезоннасць; каб грамадскае месца актыўна існавала і развівалася нават зімой, трэба прадугледзіць наяўнасць кавярняў/грамадскіх месцаў, у якіх пры патрэбе можна схавацца ад холада, дажджа ці спёкі, таму што наберажнай хочацца насалоджвацца і ў цёплае, і ў халоднае надвор’е;
  14. натуральныя патрэбы; прагулкі ўздоўж наберажных звычайна адбываюцца працяглы час і на адлегласці ад вялікай канцэнтрацыі публічных месцаў, таму трэба прадугледжваць публічныя прыбіральні на пэўнай адлегласці адна ад адной; такую функцыю таксама могуць выконваць і кавярні, у якіх можна яшчэ набыць воду ці нешта перакусіць;
  15. занаванне тэрыторыі; так як наберажная з’яўляецца кропкай прыцягнення практычна для ўсіх людзей, то важна развесці некаторыя катэгорыі гараджан адна ад адной у залежнасці ад патрэбаў: шмат хто не хацеў бы праводзіць час побач з курыльшчыкамі, шумнымі выпіваючымі кампаніямі ці людзьмі, якія выгульваюць сабак.

Мапа прастораў Менска

Перайсьці да мапы прастораў Менска