красавік 6, 2018

Сцяна як сродак камунікацыі гараджан

Калі ў гараджан не хапае шляхоў камунікацыі з палітычнымі інстытутамі, у справу ідуць разнастайныя сродкі. Так можа здарыцца, што нават сцяна стане выдатным прыкладам альтэрнатыўнага інструмента камунікацыі на важныя для грамадства тэмы. Адзін з такіх прыкладаў – “сцяна Шчоткінай”. Далей мы пакажам жыццё гэтай сцяны (і яна працягвае жыць) у некалькіх здымках.

Упершыню імя Шчоткінай сцяна атрымала ў пачатку сакавіка, калі на ёй з’явіўся партрэт тагачаснага міністра працы Марыяны Шчоткінай з надпісам “Гэта я прыдумала падатак на беспрацоўе” (адсюль і “сцяна Шчоткінай”).

Праз некаторы час партрэт знішчылі супрацоўнікі ЖЭСу. Але гісторыя замест бясслаўнага фіналу атрымала нечаканы працяг. Далей – болей.

На месцы знішчанага партрэта нехта паклаў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, гваздыкі і тэчку “Дело №…”.

Далей па храналогіі.

Адно з самых распаўсюджаных выказванняў у размове з дзяржаўнымі служачымі ад міліцыянта да старшыні любога выканкама “Ну вы же сами всё понимаете”. Насамрэч крылаты выраз, які добра тлумачыць усю сітуацыю ў Беларусі.

Праіснавала гэтае графіці нядоўга.

12 фігурак старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, які за сваю кар’еру паспеў пабыць на пасадах віцэ-прэм’ера, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўніка Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Прэм’ер-міністра Беларусі.

Выказванне Марціна Лютара Кінга: “Ніколі не забывайце: усё, што рабіў Гітлер у Германіі, было законным”.

Надпіс “Хто дазволіў усім астатнім самім сабе дазваляць”. Невядомыя нават паспелі пераўтварыць яго ў дошку аб’яваў, прапанаваўшы пакупку любых манет, грашовыя крэдыты і прыём золата.

Гэты надпіс “жыў” цэлых 4 (!) дні.

Наступны надпіс хутчэй за ўсё зʼявіўся ў знак салідарнасці з каардынатарам беларускай стрыт-арт суполкі «Signal» Алегам Ларычавым, якога 28 красавіка суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў яго 5 суднямі адміністратыўнага арышту за “дробнае хуліганства”.

Чарговае графіці ізноў аператыўна закрэмзалі, а на гэтым месцы ўжо з’явіўся плакацік “Усё не тое, чым здаецца”.

Раніцай 3 кастрычніка на “сцяне Шчоткінай” з’явіўся надпіс “Чысціня — ілюзія парадку”.

30 снежня з’явілася газетнае графіці #Пракапенягейт. Такім чынам вулічныя мастакі зрэагавалі на скандал з выдаленнем шматлікімі беларускімі СМІ інфармацыі пра затрыманне вядомага ІТ-шніка Віктара Пракапені.

У 2018 годзе першым надпісам стаў “Ну, калі ўжо, а”? Пасля гэтага стала зразумела, што ніхто нават і не збіраўся сканчаць дыялог з гараджанамі, а разам з гэтым і з супрацоўнікамі ЖЭСу.

Ну, і 5-га сакавіка 2018 невядомыя аўтары арыгінальна адзначылі гадавіну “сцяны Шчоткінай”. У гэты дзень каля яе з’явіліся жаночыя боцікі, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, некалькі чырвоных гваздык і тэчка “Дело №…”.

Гарадскім уладам пара задумацца над стварэннем пляцоўкі для эфектыўнай камунікацыі з гарадскімі жыхарамі. Бо калі ў людзей не хапае сродкаў для камунікацыі, у справу ідуць сцены. І гэта прэўкрасна.

Аўтар: Алесь Крот.

Мапа прастораў Менска

Перайсьці да мапы прастораў Менска