красавік 10, 2018

Усведамленне важнасці публічных прастораў расце – як мы можам атрымаць выгаду з гэтага.

Публічная прастора – гэта момант. Людзі, якія прафесійна не звязаны з гарадскім планаваннем, пачынаюць звяртаць увагу на тое, што яны ўносяць значны ўклад у стварэнне якаснага асяроддзя для ўласнага жыцця.

Гэты працэс уключае прыроду і культурную памяць у штодзённасць, нагадвае нам аб калектыўнай адказнасці і падтрымлівае дэмакратычныя свабоды. Людзі таксама пачынаюць заўважаць ледзь адрозныя трывожныя сігналы ад уплыву прыватызацыі, карпаратыўнага прысваення і бяздзейнасці ў гарадской прасторы.

Найбольш ярка гэтая праблема адлюстроўваецца ў палітыцы кампаніі Apple, якая пачала агрэсіўны рэбрэндынг сваіх рознічных крамаў па прынцыпе “гарадская плошча” (у арыгінале “town squares”), чым выклікала хвалю незадаволенасці. Тэхналогіі працягваюць адцягваць нас ад неабходнасці пакідаць нашы кватэры ці стасавацца ў рэальнасці і ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі. Калі для кожнага дзеяння існуюць дзве ўзаемна супрацьлеглыя рэакцыі, то з гэтага вынікае, што мы пачынаем шукаць магчымасць для такога міжасобаснага ўзаемадзеяння, якое стане заклікам узгадаць наша прызначэнне як сацыяльных істот.

Не толькі тэхналагічны прагрэс накладвае свой адбітак на нашы ўзаемаадносіны з асяроддзем, але і палітычная сфера часта мае патрэбу ў фізічнай прасторы для выканання грамадзянскіх правоў (або барацьбы за іх). І вялікія, бачныя, публічныя прасторы з’яўляюцца натуральным домам для такіх падзей. Амерыканцы, у прыватнасці, нядаўна выявілі, што месцы, якія яны адносяць да публічных – як аэрапорты, напрыклад, – гэта, па сутнасці, тэрыторыя недзяржаўных структур, альбо яны могуць быць перададзены прыватнаму бізнесу. Калі мы разглядаем публічную прастору як яшчэ адзін матэрыяльны аб’ект дзеяння нашых правоў, мы пачынаем набліжацца да сапраўднай іх каштоўнасці для нашага грамадства.

Такім чынам, што мы павінны ведаць аб публічнай прасторы ў цяперашні час?

Нам часта навязваецца паняцце “публічнай прасторы” як знака “стварэння калектыўнага духу”. На мой погляд (заўв. аўтара артыкула), стварэнне супольнасці вядзе да ўмацавання значных міжасобасных узаемаадносін; да фармавання дынамічна развітай супольнасці людзей, якая садзейнічае кіраванню гэтым месцам і дастаткова адкрыта для далучэння новых удзельнікаў і стварае пачуццё прыналежнасці. Але наўрад ці месца, акружанае некалькімі дрэвамі і добраўпарадкаванае дзвюма лаўкамі, гарантуе паспяховае выкананне хоць якіх-небудзь з вышэйзгаданых дзеянняў (гл. #PlacesIDontWantToSit). Таму неабходна звярнуць сваю ўвагу на вывучэнне таго, што менавіта робіць публічныя прасторы добрымі, і як мы маглі б іх паляпшаць і планаваць у будучыні.

Для пачатку, мы маглі б ацаніць такія месцы па іх фізічным характарыстыкам. Як выглядаюць яго межы? Аб фізічных рамках прасторы, як ні круці, варта меркаваць па тым, што яго акружае, няхай гэта будзе будынак, або агароджы, або дрэвы, або малюнкі крэйдай на асфальце. Ці ствараюць гэтыя межы камфортнае асяроддзе, ці валодаюць дастатковай адкрытасцю? Што ў публічных прасторах запрашае мінака зайсці ўнутр? Вялікая скульптура альбо помнік? Што заахвочвае пешахода затрымацца ў гэтым месцы? Зялёная прастора? Канцэртная сцэна? Як суадносіцца маштаб публічнага месца з яго кантэкстам – гіганцкія прасторы ў маленькай прыбярэжнай вёсцы або невялікія камерныя плошчы ў гарадской адміністрацыйнай адзінцы – і як ён суадносіцца з чалавекам, які выкарыстоўвае гэтае асяроддзе?

Пьяцца дэль Кампа, Сіена, Італія

Пьяцца дэль Кампа ў Сіене (Італія) часта рэкламуецца як ідэальная публічная прастора: тут ёсць і кананічная вежа, якая дамінуе над астатняй гарадской тканінай і з’яўляецца візуальным акцэнтам, і выразныя межы, якія прадстаўлены сумаштабнымі чалавеку будынкамі з прывабнымі пешаходнымі завулкамі паміж імі. Невялікі ўхіл на ходніках запрашае як стомленых падарожнікаў, так і мясцовых жыхароў з ежай, атрымаць асалоду ад цёплага сонечнага дня. І фізічныя параметры плошчы дазваляюць звычайнаму чалавеку адрозніваць любога іншага чалавека амаль з любой кропкі гэтай прасторы.

Цэнтр горада, Грынвіл, Паўднёвая Караліна. Малюнак ўзяты з Вікіпедыі

Я выразна памятаю (заўв. распавядае аўтар артыкула), як падчас аўтобуснага маршруту ў мясцовы каледж выходзіў з аўтобуса на галоўнай вуліцы ў Грынвіле (шт. Паўднёвая Караліна, ЗША), каб прагуляцца і даследаваць яе. Пешаходаў сустракаюць шырокія ходнікі з разгалістымі дрэвамі, добра пракладзеныя пешаходныя пераходы, якія вялі кожнага ў напрамку вітрын крамаў па абодвух баках. Вуліца запрашае затрымацца і прысесці на лаўку пешахода або прагуляцца, спыняючы свой погляд на гарадскім мастацтве і прыводзіць у парк з відам на раку. Гэта было маё першае пачуццё захаплення ад таго, што вуліца магла быць больш, чым проста транзітны калідор для аўтамабіляў. Калі б яе фізічныя элементы былі добра спраектаваны, вуліца магла б стаць такім жа жыццёва неабходным для здароўя месцам, як і парк.

Тым не менш, не ўсе дызайнеры гарадскога асяроддзя пагадзяцца з тым, што нейкі набор матэрыяльных элементаў можа стварыць сапраўднае пачуццё супольнасці. Хутчэй спраектаваныя прасторы дапамогуць стварыць спрыяльнае асяроддзе для яго развіцця.

Што характарызуе такія прасторы?

Яны забяспечваюць прастору для міжасобасных узаемадзеянняў – можна надаць дастаткова часу абеду або праводзіць доўгія размовы, і гэта магчыма як для асобнага чалавека, так і для цэлых груп. Фізічнае ўзаемадзеянне вельмі неабходна. Знаходзіцца тварам да твару з іншым чалавекам (ці групай людзей) выклікае розныя мадэлі ўзаемадзеяння, не такія як на экране смартфона альбо за безаблічнай кампутарнай клавіятурай. Грамадскія месцы таксама могуць запрашаць узаемадзейнічаць з “іншымі” людзьмі, з якімі вы не можаце сустрэцца ў прыватных месцах, пабудаваных для груп з аднолькавым сацыяльна-эканамічным статусам або вольным часам.

Яны ўраўнаважваюць бяспеку і свабоду. Нашы інстынкты як сацыяльных індывідаў, амаль як сілы цяжару, прыцягваюць нас да фізічных цэнтраў важных падзей: звярніце ўвагу, напрыклад, дзе людзі збіраюцца пасля буйнай спартыўнай перамогі альбо для пратэсту. Усе ў супольнасці павінны адчуваць сябе ўтульна і бяспечна, нават калі яны крытыкуюць дзяржаўную ўладу. Зараз існуе вельмі супярэчлівая тэндэнцыя аддаваць на прыватызацыю прыватнаму сектару (privately-owned public spaces – POPS) фізічныя прасторы, якія фактычна належаць грамадскасці. Гэтыя POPS і, у прыватнасці, іх уладальнікі, абмяжоўваюць магчымасць праявы грамадзянскіх правоў і свабод, напрыклад, правядзенне пратэстаў ці мітынгаў, якія могуць успрымацца як “нязручныя” або “не адпавядаюць іміджу месца”, але тым не менш жыццёва неабходныя для дэмакратычных выказванняў правоў і свабод.

Мітынг на тэрыторыі Дома штата Род-Айланд, Студзень 2017 года. Малюнак аўтара публікацыі

Яны запрашаюць пагуляцца як дзяцей, так і дарослых. Даследчыкі па шэрагу дысцыплін адзначаюць важнасць гульні для чалавечага развіцця і якія месцы лепш забяспечваюць доступ для яе, калі не публічныя? Лёгка адмахнуцца ад гульні дома або ў офісе, але калі гіганцкая водная горка ўсталёўваецца пасярод гарадской плошчы, яе складана не заўважыць на шляху дадому. І часам для стымулявання не патрабуецца нічога большага, чым проста якая-небудзь адкрытая прастора для запуску, пераследу або суправаджэння “гульні”.

Усталёўка воднай горкі на Плошчы Федэрацыі, Мэльбурн, Аўстралія. Фота аўтара

Публічныя прасторы сфармаваны людзьмі, якія іх займаюць. Культурныя і мастацкія артэфакты, іканаграфія і праграмаванне рэагуюць на мінулае і сучаснасць людзей у супольнасці і досыць дынамічныя, каб паступова мяняцца ў будучыні. Дзякуючы гэтым фізічным уяўленням асяроддзя, мясцовыя жыхары пачынаюць раскрываць сваё пачуццё прыналежнасці і датычнасці ўнутры лакальнай, агульнай ідэнтычнасці. Такая ідэнтычнасць спрыяе кіраванню не толькі самой прасторай, але і людзьмі ўнутры такіх месцаў.

Парк Бальбоа, грамадскае месца ў цэнтры Сан-Дыега, Каліфорнія. Малюнак ўзяты з Вікіпедыі

Калі не ўмешвацца ў развіццё такіх прастор, то ўсе гэтыя месцы будуць працягваць развівацца вельмі павольна ў такіх умовах. Але ёсць муніцыпальныя органы ўлады, горадабудаўнікі і грамадскія групы, якім не абыякавы публічныя месцы і яны адыгрываюць значную ролю ў фармаванні вуліц, паркаў і плошчаў, а зараз і ўплыў простых грамадзян паступова ўзмацняецца. Хоць публічныя прасторы і не мяняюцца раптоўна, неабходна ўлічваць дынаміку іх развіцця ў межах нашага кіравання. І каб кіраваць такімі месцамі лепш, мы павінны ўключаць канцэпцыю “buen vivir” ў нашы разлікі.

Канцэпцыя “buen vivir”, у перакладзе з гішпанскай мовы, “добрае жыццё”, паходзіць з карэнных традыцый Паўднёвай Амерыкі і замяняе нашу фундаментальную мэта “індывідуальнага дабрабыту” правам на збалансаваную экасістэму і “калектыўны дабрабыт супольнасці”. Гэты дабрабыт, у цэлым, выяўляецца ў самавызначэнні і росквіце багатагай культурнай разнастайнасці і высокай якасці жыцця, але не будуецца на эксплуатацыі іншых людзей.

Як канцэпцыя “buen vivir” перакрыжоўваецца з дызайнам публічнай прасторы?

Публічныя прасторы дадаюць элементы азелянення ў нашы асфальтавыя, шкляныя і крамянёвыя гарады. Гэта забяспечвае роўны доступ да прыроды ўсім, хто не можа часта знаходзіцца ў прыгарадзе або жыве ў высокашчыльным асяроддзі, дзе няма магчымасці кожнаму жыхару мець свой уласны азелянёны задні двор, а таксама спрыяе выкарыстанню рэсурсаў для захавання і падтрымання навакольнага асяроддзя.

Публічная прастора можа аспрэчваць празмернае панаванне гегемонаў шляхам падтрымкі культуры меншасцяў. Выкарыстоўваючы мастацтва, іканаграфію альбо канфігурацыю месца, якая дазваляе праводзіць розныя культурныя мерапрыемствы, публічная прастора можа даць справядлівае прадстаўленне і прызнанне розных сацыяльных груп. Гэта таксама дазваляе забяспечыць большае самавызначэнне з боку суполак меншасцяў, калі мы забяспечым іх прысутнасць пры абмеркаванні і прыняцці рашэнняў.

Такім жа чынам тыя, хто валодае паўнамоцтвамі ў прыняцці рашэнняў, павінны шукаць спосабы разбурыць рамкі, якія выключаюць розныя сацыяльныя групы і так часта знішчаюць грамадскія месцы. Гэта не значыць, што паркі зробяцца прытулкамі для агідных ці бязглуздых паводзін, але гэта азначае падтрымку як бяздомных і маламаёмасных, так і прадстаўнікоў буйных карпарацый і фізічна саслабелых асоб з магчымасцю карыстацца прасторай з камфортам і вартасцю. Гэта таксама азначае разрыў няўдалай сувязі паміж “паляпшэннем якасці жыцця” і “перасяленнем малазабяспечаных пластоў насельніцтва” (гаворка пра джэнтрыфікацыю) шляхам вылучэння рэсурсаў на публічныя прасторы, якія нейкім чынам былі ўпушчаны з-пад увагі, нават калі яны не знаходзяцца ў раёне, у якім прадбачыцца падвышэнне падатку на нерухомасць у найбліжэйшы час.

Піўны сад і летнія канцэрты, Бернсайд-Парк, Провідэнс, штат Род-Айланд

Публічныя прасторы – гэта адначасова і мэта, і сродак, і скульптура, выстаўленая навідавок, і мармуровая пліта, форма якой увесь час трансфармуецца дзякуючы бясконцаму струменю людзей, якія праходзяць па ёй кожны дзень. Калі яны па-сапраўднаму аўтэнтычныя, то могуць уяўляць сабою магутную прыладу для грамадства, якая павінна шанавацца, мець абарону, працаваць і развiвацца дзякуючы новым ідэям і рэсурсам. Цяпер надышоў час спыніць успрымаць іх як належнае. Асноўная адказнасць за стварэнне супольнасці і падтрыманне дэмакратыі належыць кожнаму з нас паасобку – мы павінны кінуць выклік сабе, каб быць той публікай, якая будзе карыстацца гэтымі прасторамі і вызначаць іх курс развіцця.

***

Выява ў загалоўку артыкула: П’яца дэль Дуома, Мілан, узята з Вікіпедыі.

Аўтар артыкулу – Бэн Ўіліс, які з’яўляецца архітэктарам у студыі Union Studio Architecture & Community Design (Провідэнс, штат Род-Айланд), якая вывучае прынцыпы кампактнага горада і выступае супраць павелічэння яго межаў. Бэн працуе ментарам ACE і з’яўляецца заўзятым спеваком капэлы.

Крыніца:

http://commonedge.org/how-public-space-can-build-community-and-rescue-democracy/ (арыгінал, ангельская мова)

Мапа прастораў Менска

Перайсьці да мапы прастораў Менска