Кастрычнік 23, 2018

Вынікі круглага стала “Гарадскія супольнасці і права на спадчыну”

Апошнім часам склалася тэндэнцыя змянення горада без уключэння грамадства ў працэс абмеркавання такіх пытанняў. Прааналiзаваўшы кейсы, якiя ўзнiкалi апошнiм часам, можна з упэўненасцю сказаць, што iснуючыя iнструменты прыняцця рашэнняў не заўседы спрацоўваюць належным чынам.

У сувязі з гэтым, каб высветліць пазіцыі зацікаўленых бакоў і распрацаваць дарожную карту для паляпшэння гэтай сітуацыі, было вырашана правесці круглы стол “Рэалізацыя права грамадскай супольнасці на ўдзел у прыняцці рашэнняў па развіцці тэрыторый з гістарычнай значнасцю”.

Адным з інструментаў прыняцця аптымальных рашэнняў па развіцці тэрыторый з гістарычнай значнасцю напярэдадні мерапрыемства бачыўся ўдзел грамадскіх незалежных экспертаў, пакліканых бараніць інтарэсы як прафесійных ідэалаў, гэтак і мясцовых супольнасцяў.

На круглым стале прысутнічалі Анатоль Бутэвіч (старшыня грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны), Юрась Меляшкевіч (намеснік старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры), Міхаіл Гаухвельд (намеснік старшыні ГА “Беларускі саюз архітэктараў”), Андрэй Эзерын (адзін з каардынатараў кампаніі па абароне Асмалоўкі), Зьміцер Гаўрусік (удзельнік урбаністычнай ініцыятывы “Добры горад” / урбаністычны часопіс “Гарадскія тактыкі”), Валянцін Вашкевіч (кандыдат архітэктуры, дацэнт БНТУ), Юлія Пратасава (кандыдат архітэктуры, дацэнт БНТУ) і Аляксандр Акенцьеў (галоўны архітэктар УП “Мінскграда”). Мадэратарам круглага стала выступіў Сцяпан Стурэйка, які з’яўляецца старшынём беларускага камітэта ICOMOS.

Падчас дыскусіі былі закрануты такія пытанні як павелічэнне інфармаванасці грамадства аб працэсах захавання гістарычнай спадчыны, змяненне функцыі грамадскіх абмеркаванняў з інфармацыйнай на вырашальную, супрацьдзеянне трансфармацыі грамадскіх абмеркаванняў у мітынг, прычыны паспяховай абароны Асмалоўкі і шэраг іншых дэталяў, якія раскрываюць больш падрабязна тэму абмеркавання.

Па выніках дыскусіі мадэратарам круглага стала было зроблена падсумаванне, што трэба зрабіць, каб вырашыць праблему захавання тэрыторый з гістарычнай значнасцю:

  1. стварыць шырокую камунікацыйную платформу для ўсіх зацікаўленых у гэтай тэме;
  2. пераглядзець метадалогію правядзення грамадскіх абмеркаванняў;
  3. узмацніць грамадскую назіральную камісію пры Міністэрстве культуры;
  4. надзіць навучанне новага пакалення архітэкатараў з адпаведнымі кампетэнцыямі.

Праведзены круглы стол быў толькі першым з запланаваных на гэтую тэму мерапрыемстваў, таму ў далейшым будзе вызначаны больш канкрэтныя захады, якія трэба зрабіць для вырашэння праблемы з захаванне тэрыторый з гістарычнай спадчынай. Сачыце за абвесткамі.

Аўдыёзапіс дыскусіі ўдзельнікаў круглага стала можна праслухаць па спасылцы https://bit.ly/2ENQhe2.

Спасылкі на матэрыялы іншых удзельнікаў аб выніках круглага стала:

  1. “Зялёны партал” таварыства Зялёная сетка;
  2. Грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз архітэктараў”.
  3. СтройМедыаПраект

Арганізатары мерапрыемства:

Бонус: асобныя думкі ўдзельнікаў круглага стала.

  1. Сцяпан Стурэйка (старшыня беларускага камітэта ICOMOS): “усе апошнія ініцыятывы па захаванню гістарычнага цэнтру адносяцца да грамадскіх ініцыятыў”.
  2. Анатоль Бутэвіч (старшыня грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны): “прыклад шпіталя на вуліцы П.Броўкі, калі “14 гадоў не было гаспадара”, і ён нікому быў не патрэбны. “Не хапае арганізуючага парадку. Мо таму што мала інфармацыі пра гэтыя працэсы ў грамадстве, а мо таму што няма каму займацца гэтым аб’ектам, няма арганізацыі з падобнымі інтарэсамі? Што патрэбна: 1) інфармацыя; 2) гаспадар; 3) заканадаўства. Грамадская назіральная камісія магчыма працуе не зусім эфектыўна, але гэта прынамсі адзін з магчымых перадатчыкаў інфармацыі ад грамадскасці да органаў улады, якія прымаюць рашэнні”.
  3. Юрась Меляшкевіч (намеснік старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры): “патрэбна інфармаванне і адукаванне грамадзянаў. Паказальны прыклад Курапатаў, калі ахоўная зона вакол іх была незаконна зменшана, а законных механізмаў супрацьдзеяння гэтаму няма”.
  4. Міхаіл Гаухвельд (намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз архітэктараў”): “горадабудаўнічыя памылкі, якія былі зроблены ў 1950-ых трэба выпраўляць зараз, але на гэта патрэбна шмат грошай і высілкаў. Сучасны дрэнны прыклад такіх памылак – гэта гатэль Кемпінскі, які знаходзіцца каля парку Горкага. Роля грамадскай камісіі – аб’яднанне ўсіх зацікаўленых у асобную камісію, якой будзе кіраваць цяперашняя грамадская назіральная камісія пры Міністэрстве культуры”.
  5. Андрэй Эзерын (адзін з каардынатараў кампаніі па абароне Асмалоўкі): “грамадскія абмеркаванні пеіаўтвараюцца ў мітынг. Але ў выпадку з Асмалоўкай працэс абмеркавання быў больш карысным і структураваным, бо ўдзельнічаў шэраг профільных грамадскіх арганізацый. Асобна ўплыў на вырашэнне спрэчнай сітуацыі стварыў збор 10-ці тысяч подпісаў, якія былі сабраны ў абарону Асмалоўкі і перададзены ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну г. Мінска”.
  6. Міхаіл Гаухвельд (намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз архітэктараў”): “грамадскія ініцыятывы павінны падмацоўвацца спецыялістамі, каб не было мітынгу, а ўсё было структурна. Таму вялікае пытанне, ці павінны ўдзельнічаць у такіх абмеркаваннях простыя гарадскія актывісты і грамадскасць”.
  7. Зьміцер Гаўрусік (удзельнік урбаністычнай ініцыятывы “Добры горад”): “няма метадалогіі – няма эфектыўных грамадскіх абмеркаванняў”.
  8. камент з залі: “каб павысіць эфектыўнасць грамадскіх абмеркаванняў, трэба дадаць у іх вырашальную функцыю, а не толькі інфармацыйную і рэкамендацыйную”.
  9. Андрэй Эзерын (адзін з каардынатараў кампаніі па абароне Асмалоўкі): “сапраўды добрых прыкладаў абароны культурных помнікаў у Мінску няма. Поспех адстайвання Асмалоўкі можна патлумачыць проста добрым збегам акалічнасцяў”.
  10. Валянцін Вашкевіч (кандыдат архітэктуры, дацэнт БНТУ): “ТКП мяняюцца пастаянна. Будынкі праектуюцца прыгожымі, але на практыцы рэалізуюцца зусім у меншым памеры.Мэнэджэры сярэдняга звяна пры праектаванні Мінску сядзяць у офісах і не стасуюцца з мясцовымі жыхарамі. У Стакгольме толькі ў адным такім дэпартаменце працуе 100 чалавек”.
  11. Аляксандр Акенцьеў (галоўны архітэктар УП “Мінскграда”): “добрыя механізмы з Захаду павінны капіявацца па зместу, а не па фармату”.

Мапа прастораў Менска

Перайсьці да мапы прастораў Менска