Вынікі воркшопа па наберажных

Каб развіць бачанне таго, як могуць выглядаць сучасныя беларускія наберажныя, урбаністычная ініцыятыва “Добры горад” арганізавала 21-26 лістапада 2019 года адукацыйны воркшоп “Зробім менскую наберажную лепш!”. Мэтай воркшопа стала распрацоўка архітэктурных візіянерскіх праектаў наберажнай з асобным фокусам на інклюзіўнасці для маламабільных груп насельніцтва.

Перад распрацоўкай канцэпцый удзельнікі воркшопа мелі магчымасць карыстацца вынікамі даследавання, якое было праведзена перад воркшопам. Падчас працы ў камандах удзельнікі воркшопа праводзілі таксама палявыя даследаванні, якія ўдакладнялі дадзеныя пра наберажныя і іх праблемы на этапе распрацоўкі канцэпцый.

Удзельнікамі воркшопа сталі маладыя архітэктары, студэнты, урбаністы і актывісты, якія цікавяцца праблемамі горада. Падчас працы ўдзельнікі былі падзеленыя на каманды “Парк Горкага” і “Серабранка”, якія пад кіраўніцтвам цьютараў заняліся спачатку распрацоўкай канцэпцый развіцця асобных участкаў менскай наберажнай, а пасля — стварэннем візіянерскіх архітэктурных праектаў.

ВЫНІКОВЫЯ ПРЭЗЕНТАЦЫІ КАМАНД


Акрамя таго адным з вынікаў воркшопу стала распрацоўка адмысловых рэкамендацый па праектаванню наберажных, каб яны былі шматфункцыянальнымі, сучаснымі і інклюзіўнымі.

РЭКАМЕНДАЦЫІ ПА ПРАЕКТАВАННЮ НАБЕРАЖНЫХ

  1. даследванне. Перад пачаткам любога праектавання грамадскай прасторы трэба праводзіць даследванне: інтэрвью з карыстальнікамі, апытанкі, палявые даследванні і нават у асобных выпадках грамадскія абмеркаванні, вынікі якіх павінны быць абавязкова ўключаны ў фінальны праект;
  2. сувязь. Важна захаваць альбо развіць узаемасувязь паміж рознымі тыпамі гарадскіх прастораў: наберажнай з прылеглымі вуліцамі, наберажнай з прылеглым паркам і г.д.;
  3. уцягнутасць. У працэс выпрацоўкі праектных рашэнняў трэба абавязкова ўцягваць усе зацікаўленныя бакі у выглядзе мясцовых жыхароў, гарадской адміністрацыі і экспертных арганізацый;
  4. унікальнасць. У праекце наберажнай варта выкарыстоўваць гарадскія сімвалы і ўнікальную гарадскую ідэнтычнасць, якія ствараюць сувязь з гісторыяй горада і канкрэтнага месца;
  5. эстэтычнасць. Галоўная каштоўнасць наберажных — вада. Таму пры іх праектаванні трэба прадугледзіць максімальную адкрытасць і дасяжнасць да вады, каб карыстальнікі ў поўнай меры маглі атрымаць ад яе эстэтычную асалоду;
  6. бяспечнасць. Наберажная павінна быць бяспечнай у любы час, нават ноччу. Таму важна надаць асобную ўвагу асвятленню, напрыклад, цёмных месцаў пад мастом, каб ужо здалёк было добра бачна, што там адбываецца;
  7. інклюзія. Малыя архітэктурныя формы і дарожнае пакрыццё павінны быць зручнымі для розных катэгорый гараджан. Напрыклад, сталым людзям лягчэй уставаць з лаваў, вышыня якіх крыху большая, чым звычайна;
  8. мабільнасць. Важным крытэрам удаласці грамадскіх прастораў з’яўляецца магчымасць дабрацца да іх пешшу, роварам альбо любым грамадскім транспартам;
  9. інфармацыйная навігацыя. Звычайна наберажныя займаюць дастаткова вялікую прастору, у якой прасцей арыентавацца пры дапамозе зручнай і заўважнай інфармацыйнай навігацыі;
  10. безбар’ернасць тэрыторыі. Абсалютная большасць карыстальнікаў наберажных — пешаходы, таму асобная ўвага павінна надавацца якасці пакрыцця і безбар’ернаму асяроддзю, каб нават у дождж не прыходзілася пераскокваць лужыны;
  11. размежаванне плыняў. Самакаты і ровары часцей за ўсё рухаюцца хутчэй за пешаходаў, таму для дадатковай бяспекі трэба аддзяляць іх плынь ад пешаходнай;
  12. інтэрактыўнасць. Наберажная — кропка прыцягнення гараджан, таму на ёй варта прадугледзіць месца для камунікацыі ці ўзаемадзеяння: месца для выступу музыкаў, прагляду кіно ці гульні ў настолкі;
  13. шматсезоннасць. Каб грамадскае месца актыўна існавала і развівалася нават зімой, трэба прадугледзіць наяўнасць кавярняў/грамадскіх месцаў, у якіх пры патрэбе можна схавацца ад холада, дажджу ці спёкі. Усё проста: наберажнай хочацца насалоджвацца і ў цёплае, і ў халоднае надвор’е;
  14. натуральныя патрэбы. Прагулкі ўздоўж наберажных звычайна адбываюцца працяглы час і на адлегласці ад вялікай канцэнтрацыі публічных месцаў, таму трэба прадугледжваць публічныя прыбіральні на пэўнай адлегласці адна ад адной. Такую функцыю таксама могуць выконваць і кавярні, у якіх можна яшчэ набыць воду ці нешта перакусіць;
  15. занаванне тэрыторыі. Так як наберажная з’яўляецца кропкай прыцягнення практычна для ўсіх людзей, то важна развесці некаторыя катэгорыі гараджан адна ад адной у залежнасці ад іх патрэбаў. Шмат хто не хацеў бы праводзіць час побач з курыльшчыкамі, шумнымі выпіваючымі кампаніямі ці людзьмі, якія выгульваюць сабак.

Мапа прастораў Менска

Перайсьці да мапы прастораў Менска