Беларускія гарады пасьля COVID-19

У пачатку 2020 года мала хто мог сабе уявіць, што праблема малавядомага віруса ў Кітае так моцна паўплывае на ўвесь сьвет. Каронавірус закрануў Беларусь напэўна больш за астатніх, таму што ў нас “свой асобны шлях” вырашэньня праблемы. Як трэба мяняць беларускія гарады пасьля пандэміі ў першым сэзоне нашага падкаста “Заехаць у горад”.

Як паказвае гісторыя, эпідэміі былі заўжды, і яны заўжды моцна білі па ўсіх сфэрах жыцьця. Асабліва моцна “даставалася” гарадам, таму што шчыльнасьць насельніцтва ў іх значна вышэй за сельскую мясцовасьць. Каб прааналізаваць працэсы, якія адбываюцца цяпер у нашых гарадох з-за эпідэміі, і вызначыць накірункі зьменаў, мы вырашылі запусьціць наш новы праэкт у фармаце падкаста “Заехаць у горад” (“Въехать в город”). У першым сэзоне размова вядзецца пра беларускія гарады падчас COVID-19, дзе вылучыліся 4 асноўныя тэмы/сфэры: грамадзтва, транспарт, тэхналёгіі й экалёгія.

Эпідэмія навучыла нас асноўнаму ўроку: нават самыя сучасныя гарады вельмі крохкія. Але адразу дадаем: пры гэтым гарады зьяўляюцца цэнтрам крэатыўных рашэньняў і вельмі гнуткія, калі на гэта ёсьць палітычны дазвол. Як толькі людзі пачалі прытрымлівацца самаізаляцыі й заставацца дома, пачалі актыўна разьвівацца сэрвісы дастаўкі ежы й усяго, што можа спатрэбіцца, кавярні й рэстарацыі перакваліфікавалі сваю працу на дастаўку ці на вынас. Навучальныя ўстановы пры дапамозе інтэрнэта сталі праводзіць лекцыі, сэмінары, залікі й іспыты аддалённа, а шматлікія навучальныя цэнтры пачалі прапаноўваць анляйн-курсы на абсалютна разнастайную тэматыку. Кінатэатры зачыніліся, але зьявілся магчымасьць глядзець новы відэа-кантэнт праз стрымінавыя сэрвісы. А шмат якія працадаўцы пераўпэўніліся (акрамя заводаў натуральна), што працаваць можна й з дому, робячы толькі раз на дзень канфэрэнцыі й мітынгі ў Zoom. Зразумела, што гэта ня ўвесь пералік сфэраў, якія аператыўна адгукнуліся на зьмены ўмоў працы, але гэта добры паказальнік таго, што нічога неверагоднага няма.

Мы не спадзяемся, што сягоньняшнія беларускія ўлады аператыўна прымуць захады, каб зьменьшыць наступствы падобных пандэмій у будучыні, таму што каронавірус у Беларусі паказаў звычайным гараджанам, што можна спадзявацца толькі на сябе. Але магчыма гэтыя мысьлі падштурхнуць профільныя экспэртныя арганізацыі й простых гараджан да пераасэнсаваньня таго ўплыву, які мы ўсе разам перажываем.

Грамадзтва

У першым выпуску падкаста “Пра грамадзтва” мы вялі размову з Тацьцянай Вадалажскай — кандыдатам сацыялягічных навук і каардынатарам праграмаў Лятучага ўнівэрсытэта пра ўплыў пандэміі на гараджан і іх стасункі паміж сабой. 

Галоўныя высновы пра грамадзтва й перспэктыўныя зрухі ў гарадзкой прасторы:

— пандэмія моцна мяняе лад жыцьця гараджан, але хутчэй за ўсё пасьля яе большасьць вернецца да старых звычак;

— зараз крытычна не хапае паўнавартасных беларускіх дасьледваньняў уплыву пандэміі на грамадзтва, каб пачаць асэнсавана мяняць гарадзкую прастору;

— у грамадзтва зьявіліся новыя фарматы працы, што пацягнула за сабой, напрыклад, зьмены ў арэньдзе памяшканьняў, і гэтыя зьмены застануцца й пасьля пандэміі;

— цэнтр горада застанецца цэнтрам, але перыферыйныя раёны стануць больш каштоўнымі для гараджан;

— пандэмія дае людзям магчымасьць пераадкрыць горад і зразумець, што зь ім адбываецца менавіта ў цяперашні момант;

— роварная й пешая інфраструктуры атрымалі новы штуршок у пераасэнсаваньні патрэбы іх разьвіцьця;

— двары застануцца дварамі, але іх важнасьць павялічыцца з-за кошт абмежаванасьці ў перасоўваньні па гораду.

Коратка пра выпуск:

— што стала патрэбна гараджанам падчас пандэміі;

— як зьмянілася форма стасункаў паміж людзьмі;

— пра важнасьць і каштоўнасьць лякальных тэрыторый;

— будучыня двароў і мясцовых супольнасьцяў;

— як структура горада вытрымала выклікі пандэміі;

— якія высновы для грамадзтва можна вынесьці з гэтага крызісу.

Транспарт

У выпуску “Транспарт падчас пандэміі” мы размаўлялі зь Кірылам Сінюцічам — экспэртам па транспарце ў ініцыятыве “Разумны горад” і выкладчыкам у Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце (БНТУ) у сфэры грамадзкага транспарта.

Галоўныя высновы для транспарту і для тых, хто ім карыстаецца:

— людзі сталі карыстацца больш уласным транспартам, таму нагрузка на грамадзкі транспарт зьменьшылася, што дазволіла выконваць правілы сацыяльнага дыстанцыянаваньня;

— напаўненьне транспарту павінна быць на ўзроўні 50-70%;

— поўнасьцю адмовіцца ад грамадзкага транспарту падчас эпідэміі немагчыма, бо тады беларускія гарады чакае транспартны каляпс ад вялікай колькасьці ўласных аўтамабіляў;

— патрэбна кардынальнае пашырэньне сетак роварных сьцежак, у тым ліку экспрэс-маршрутаў з ускраіны на ўскраіну;

— патрэбна гарманізацыя ПДР і паляпшэньне роварнай і пешай інфраструктуры гарадоў;

— патрэбуецца зьмена агульнага гарадзкога падыхода ў плянаваньні мабільнасьці гараджан. 

Коратка пра выпуск:

— як каронавірус паўплываў на ўласныя звычкі;

— людзей стала менш у грамадзкім транспарце;

— пра зьмяненьне ролі транспарту;

— як структура горада вытрымлівае новыя выклікі;

— колькі мы плацім за грамадзкі транспарт;

— раўнавага ў сыстэме аплаты праезду;

— ровары як рэальная альтэрнатыва перасоўваньня;

— сакрэтнае дасьледаваньне Мінскграда;

— зьмена гарадзкой структуры мабільнасьці;

— менскія трамвайныя байкі й каляровая дыферэнцыяцыя грамадзкага транспарту;

— галоўныя высновы для пасажыраў пасьля пандэміі.

Тэхналёгіі

Чарговы выпуск пра тэхналогіі быў самым доўгім, таму што ахапіць усю сфэру вельмі складана, і пра яе можна дыскутаваць бясконца. У выпуску “Тэхналёгіі й крызыс” мы размаўлялі зь Міхаілам Дарашэвічам — адным з заснавальнікаў ініцыятывы MinskSmartCity.

Галоўныя высновы для тэхналёгій:

— для разьвіцьця гарадоў патрэбны большы збор дадзеных, захоўваючы пры гэтым асноўныя інфармацыйныя правы гараджан і прыватнасьць уласнага жыцьця;

— кантраляваньне распаўсюду віруса пры дапамозе трэкінгу захварэўшых людзей;

— асноўнае правіла: гараджане першасныя, тэхналёгіі — другасныя;

— увядзеньне альбо паляпшэньне бескантактных тэхналёгій аплаты ва ўсіх сфэрах;

— паляпшэньне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій, у першую чаргу інтэрнэта;

— разьвіцьцё шырокапалоснага інтэрнэта, каб сеткі вытрымлівалі нагрузку падчас пандэміі;

— патрабуецца паляпшэньне сэрвісаў дастаўкі.

Коратка пра выпуск:

— ня/многа пра “разумны” горад і тое, што гэта ня толькі пра тэхналёгіі;

— новыя выклікі для тэхналёгій;

— гатоўнасьць горада да зьменаў у сфэры мабільнасьці і “горад 15 хвілін”;

— цыркулярная эканоміка “разумнага” горада;

— як адкрываць масывы дадзеных у сучасных умовах;

— досьвед эстонскага горада Тарту ў партысыпаторным бюджэтаваньні;

— сэрвіс 115.бел крочыць па краіне;

— тэхналёгіі бескантактнага горада;

— асноўныя тэхналягічныя высновы падчас пандэміі.

Экалёгія

Выпуск “Экалёгія горада й чалавека” атрымаўся ў лепшых традыцыях лікбезу з тлумачэньнем і абвяржэньнем шматлікіх экалягічных мітаў і выдумак. У ім мы размаўлялі з Марыяй Сума — экафэміністкай і спэцыялісткай Цэнтра экалягічных рашэньняў (ЦЭР).

Галоўныя высновы па тэме экалёгіі:

— аднаразовы плястыкавы посуд не зьяўляецца 100% абаронай ад каронавіруса;

— усе беларускія сэрвісы дастаўкі ежы выкарыстоўваюць аднаразовы посуд, таму каб зьменьшыць яго спажываньне, лепш гатаваць самому дома альбо максымальна адмаўляцца ад сурвэтак і аднаразовых сталовых прыбораў пры замове;

— ад Міністэрства аховы здароўя не было распрацавана нейкіх асабістых інструкцый па супроцьдзеяньню эпідэміі, таму большасьць устаноў грамадзкага харчаваньня кіраваліся ўласнымі думкамі пра бясьпеку;

— частка карыстальнікаў грамадзкага транспарту перасела на ўласныя аўтамабілі, але адначасова з гэтым шмат людзей пачалі выкарыстоўваць ровары, электрасамакаты ці другія сродкі індывідуальнага перасоўваньня, што станоўча паўплывала на якасьць паветра ў гарадох;

— варта адмовіцца ад аднаразовых масак, бо ў пабытовым жыцьці дастаткова карыстацца шматразовымі з адпаведным клопатам за іх чысьціню й тэрмічную апрацоўку;

— ад аднаразовых пальчатак можна адмовіцца, калі часта мыць рукі й не дакранацца да твару;

— калі ёсьць выбар паміж мыцьцём рук і выкарыстоўваньнем антысэптыка — лепш апрацаваць рукі мылам, таму што антысэптыкі зьнішчаюць абароньчы ліпідны слой скуры;

— у буйных беларускіх гарадох крытычна мала зялёных зон, асабліва ў спальных раёнах, для бясьпечнага адпачынку падчас пандэміі.

Коратка пра выпуск:

— аднаразовы посуд як спосаб барацьбы з пандэміяй;

— беларуская прырода сапраўды ачысцілася;

— якія сродкі індывідуальнай абароны лепш выбіраць;

— зялёныя зоны падчас каронавіруса й новыя формы экалягічнага адпачынку;

— што трэба памяняць у гарадох з пункту гледжаньня экалёгіі;

— лікбез па сьмецьцю №1: спальваць ці закапываць;

— лікбез па сьмецьцю №2: уся праўда пра разьдзельны збор;

— галоўныя экалягічныя высновы падчас пандэміі.

Якімі будуць беларускія гарады пасьля COVID-19?

На жаль, у дадзены момант мы ня можам з дакладнай упэўненнасьцю сказаць, які ўплыў падобных эпідэмій будуць мець гарады ў доўгатэрміновай перспектыве, таму зараз важна зьбіраць дадзеныя аб дынаміцы крызыса, які зараз разьвярнуўся.

Аднак ужо зараз мы можам сказаць упэўненна адно: гарады нікуды ня зьнікнуць (прынамсі пакуль), бо як паказвае практыка, гарады — гэта супольнасьць крэатыўных людзей, якія знойдуць выхад зь любой сытуацыі. І покуль гарады граюць важную ролю ў разьвіцьці ўсяго чалавецтва, гарадзкой будучыні наканавана быць.

Мапа прастораў Менска

Перайсьці да мапы прастораў Менска